Перайсці да зместу

Ваенныя рэформы ў Беларусі (1994—2005)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Ваенныя рэформы 1994—2005 гадоў у Беларусі — комплекс мерапрыемстваў у Рэспубліцы Беларусь, накіраваных на пераўтварэнне Узброеных Сіл. Рэфармаванне пачалося ў 1994 годзе з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі[1] і завяршылася ў 2005[2]—2006[3] гадах. Этап ваеннага будаўніцтва характарызуецца з’яўленнем новых родаў і відаў войскаў, абнаўленнем ваеннай дактрыны, парадкаваннем ваенна-прамысловага комплексу і ідэалагічнай работы, удасканаленнем сістэмы кіравання войскамі і іх камплектавання, рэфармаваннем большасці аб’яднанняў, злучэнняў, воінскіх часцей і ўстаноў, а таксама пераадоленнем крызісных з’яў 1990-х гадоў.

Перадгісторыя

[правіць | правіць зыходнік]

З набыццём незалежнасці ў 1991 годзе Беларусі дасталася групоўка Узброеных Сіл СССР Беларускай ваеннай акругі. Гэтыя сілы значна перавышалі па колькасці ваенна-палітычныя патрэбы і сацыяльна-эканамічныя магчымасці дзяржавы. Акрамя таго, кантынгент войскаў па баявому складу, структуры і аператыўна-стратэгічнай пабудове не адпавядаў міжнароднай і ўнутранай абстаноўцы[4]. У 1992—1996 гадах праведзена дэмілітарызацыя краіны: былі расфармаваны або рэфармаваны 250 воінскіх часцей, скарочана колькасць арміі, ліквідаваны лішкі запасаў узбраенняў, вывезены ядзерныя боегалоўкі[5].

У 1994 годзе да ўлады прыйшоў Аляксандр Лукашэнка. Міністр абароны Леанід Мальцаў (1995—1996 і 2001—2009)[2] і кіраўнік аналітычнага цэнтра ЕсооМ Сяргей Мусіенка[5][4] вызначалі запуск рэальнага рэфармавання арміі менавіта на пачатак яго прэзідэнцтва.

Вялікай колькасці ваенных імпанаваў палітык. Генералітэт і афіцэры чакалі, якія крокі распачне прэзідэнт у дачыненні да арміі[6].

У новага лідара меліся матывы для пачатку мадэрнізацыі Узброеных Сіл. Па-першае, Лукашэнка быў незадаволены знішчэннем тэхнікі Беларускай ваеннай акругі. Па-другое, кіраўнік дзяржавы баяўся пашырэння блока НАТА. Ён у першыя ж тыдні свайго праўлення рашуча спыніў ўтылізацыю бронемашын і самалётаў. На гэтым фоне ў пачатку 1995 года афіцыйны Мінск прыпыніў выкананне Дагавора аб звычайных узброеных сілах у Еўропе. Тады Лукашэнка меў намер спыніць і вываз стратэгічнай зброі, якую ён прапаноўваў Расіі пакінуць у рэспубліцы. На той перыяд на яе тэрыторыі яшчэ знаходзіліся 72 ядзерныя боегалоўкі[6].

Да гэтага часу прэстыж службы ў арміі рэзка ўпаў. Былі звольнены тысячы афіцэраў і прапаршчыкаў, павялічвалася колькасць жадаючых перавесціся ва Узброеныя Сілы Расіі. Убывалі лепшыя спецыялісты лётнага складу, дэсантнікі, медыкі. Агульная колькасць дэсантнікаў зменшылася да 40 %. Паказальнай у гэтым плане з’яўляецца дынаміка грашовага забеспячэння афіцэраў. З 1991 года грашовае ўтрыманне вайскоўцаў зменшылася ў некалькі разоў. У 1994 годзе памер грашовага забеспячэння склаў: камандзір узвода — 22 долара, камандзір палка — 35 долараў[7].

У пачатку 1990-х гадоў паўстала праблема і з прызывам на ваенную службу, што прывяло да зніжэння ўкамплектаванасці амаль на 25 %. Узрасла колькасць ухілістаў ад ваеннай службы. Усё гэта заканамерна адбілася на стане арміі, асабліва воінскай дысцыпліны. Пад пагрозай апынуўся і маральны дух. У 1993—1994 гадах злачынствы і здарэнні ў арміі ўзраслі ў некалькі разоў. Да 1994 года колькасць самагубстваў у разліку на 1000 вайскоўцаў павялічылася больш чым у чатыры разы ў параўнанні з 1990—1991 гадамі. У гэтым жа годзе ва Узброеных сілах быў зафіксаваны самы высокі каэфіцыент злачыннасці (10,9) за ўсю гісторыю Беларускай ваеннай акругі і сучаснай беларускай арміі[1].

Дзейнасць Мальцава

[правіць | правіць зыходнік]

У другой палове 1990-х гадоў Лукашэнка шукаў на пасаду міністра абароны чалавека, здольнага правесці сур’ёзныя пераўтварэнні. Спярша на гэтай пасадзе знаходзіўся Анатоль Касценка. Затым прыйшоў Леанід Мальцаў, якога пазней змяніў Аляксандр Чумакоў. Аднак у сакавіку 2001 года абароннае ведамства зноў перададзена Мальцаву. Другі раз Лукашэнка даў міністру поўны карт-бланш у ажыццяўленні пераўтварэнняў у войсках[6].

Перш за ўсё ў пачатку 2000-х былі абноўлены Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі і Ваенная дактрына Рэспублікі Беларусь, а таксама шэраг іншых важных дакументаў[6].

Неўзабаве міністр арганізуе і праводзіць найбуйнейшую на постсавецкай прасторы таго часу аператыўна-тактычнае вучэнне «Нёман-2001». У ім задзейнічалі парадку 9[8]—10[9] тысяч вайскоўцаў, больш за паўтары тысячы адзінак тэхнікі, у тым ліку і новых відаў узбраенняў, звыш за 130 комплексаў СПА. Вучэбна-баявыя дзеянні разгорнуліся адначасова на некалькіх палігонах — Гожскім, Даманаўскім, Абуз-Лясноўскім, Ружанскім і іншых. У якасці эксперыменту на «Нёмане-2001» былі разгорнуты і рэальна дзейнічалі новыя органы ваеннага кіравання — Генеральны штаб, галоўны штаб сухапутных войскаў, аб’яднаны штаб ВПС і СПА, ўпраўленне тэрытарыяльнымі войскамі. Эксперымент з дадзенымі структурамі паказаў добрыя вынікі[8].

Важнай асаблівасцю вучэння стаў удзел у ім сіл пагранічных і унутраных, а таксама ваенізаваных падраздзяленняў МНС. Усе сілавыя структуры дзейнічалі пад кіраўніцтвам міністра абароны і Генеральнага штаба. Пры распрацоўцы задумы і плана вучэння максімальна выкарыстаны вопыт баявых дзеянняў апошніх гадоў у розных «гарачых кропках». Асабліва пад увагу браўся Югаслаўскі канфлікт. Зыходзячы з яго адпрацавана арганізацыя інфармацыйнага проціборства з выкарыстаннем сродкаў радыёэлектроннай барацьбы і аператыўнай маскіроўкі[8].

Лукашэнка асабіста цікавіўся ходам адпрацоўкі задач, актыўна меў зносіны з вайскоўцамі. Менавіта тады ён упершыню з’явіўся сярод афіцэраў і салдат у палявой форме галоўнакамандуючага — з вялікім гербам краіны на пагонах і шырокай «маршальскай» какардай на галаўным уборы. Гэтыя вучэнні пераканалі прэзідэнта ў правільнасці стаўкі на Мальцава[6].

Арганізацыя і структура

[правіць | правіць зыходнік]

У ходзе рэформаў створана новая сістэма кіравання. Так, напрыклад, у 2001—2002 гадах канкрэтызаваны функцыі органаў кіравання, скасаваныя дублюючыя структуры, павышана эфектыўнасць работы. Рэарганізаваны шэраг падраздзяленняў ваеннага ведамства. У гэты ж час галоўны штаб УС РБ ператвораны ў Генеральны[10].

Відавая структура

[правіць | правіць зыходнік]

1 лістапада 1994 года Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь было пераведзена на новы штат. Адбыўся пераход на двувідавую структуру Узброеных Сіл: сухапутныя войскі і ваенна-паветраныя сілы[4][11].

У снежні 2001 года на базе 28-га армейскага корпуса (былая 28-я армія) створана Заходняе аператыўнае камандаванне[12]. Адначасова 65-ы армейскі корпус (сфармаваны ў 1994-м з 7-га армейскага корпуса, які ў 1993-м створаны на базе 7-й танкавай арміі) ператвораны ў Паўночна-заходняе аператыўнае камандаванне[13][11].

У тым жа годзе праведзена аб’яднанне Ваенна-паветраных сіл і войскаў СПА ў адзіную структуру[11]. У аснову былі пакладзены вынікі, атрыманыя ў ходзе глыбокіх тэарэтычных даследаванняў у галіне вядзення ўзброенай барацьбы ў сучасных умовах. На практыцы і ў якасці эксперыменту праца аб’яднанага штаба ВПС і войскаў СПА ўпершыню была апрабавана падчас вучэння «Нёман-2001». Рэальна ацэньваючы важнасць аператыўнасці кіравання сіламі і сродкамі выяўлення і паражэння паветранага праціўніка, у 2002 годзе было ажыццёўлена фарміраванне двух аператыўна-тактычных камандаванняў ВПС і войск СПА — Заходняга і Паўночна-заходняга[14].

Мабільныя сілы

[правіць | правіць зыходнік]
Нашыўка ўпраўлення мабільных сіл..

У чэрвені 1995 года Аляксандр Лукашэнка выдаў указ аб стварэнні мабільных сіл[15], у якія ўвайшлі 103-я гвардзейская паветрана-дэсантная дывізія, перафарматаваная ў брыгаду, і 38-я асобная гвардзейская дэсантна-штурмавая брыгада[16]. У верасні падраздзяленні ПДВ зарабілі ў новым фармаце[17].

У верасні 1995 года на базах 103-й дывізіі і 38-й брыгады створаны 38-ы, 317-ы і 350-ы асобныя гвардзейскія мабільныя брыгады, а таксама 357-ы асобны гвардзейскі навучальнага батальён. У 2002 годзе 317-я, 350-я брыгады і 357-ы батальёна аб’яднаны ў 103-ю брыгаду, чые асобныя батальёны атрымалі нумары 317, 350 і 357[17]. На базе падраздзялення сфармаваны 33-ы асобны атрад спецназа, які атрымаў сакрэтнае найменне «СДА» (спецыяльны дыверсійны атрад)[18]. У 2005-м там жа ўтворана міратворчая рота[19].

Мабільныя часці ўвайшлі ў склад сухапутных войскаў. Агульнае кіраўніцтва падраздзяленняў ажыццяўляла ўпраўленне мабільных сіл[17].

У пачатку 2000-х гг. мабільныя брыгады былі перападпарадкаваны Генеральнаму штабу, а ў складзе аператыўнага ўпраўлення створаны аддзел сіл спецыяльных аперацый, што павысіла ўзровень арганізаванага кіравання мабільнымі часцямі і падраздзяленнямі спецпрызначэння. У 2004-м аддзел рэарганізаваны да ўпраўлення[16].

Пры стварэнні мабільных войск меркавалася, што задачы ў іх будуць агульнавайсковымі. На вучэннях падраздзяленням даручалі весці як наступальныя, так і абарончыя дзеянні, а таксама прыкрыццё асобных кірункаў. Мабільнасць, што з’яўлялася галоўнай іх перавагай, камандаванне фактычна не выкарыстоўвала. Аднак пазней злучэнні мабільных сіл сталі адпрацоўваць асобныя задачы спецыяльных дзеянняў, звязаныя, у асноўным, з процідзеяннем незаконным узброеным фарміраванням і дэсантна-дыверсійным сілам праціўніка[16][17].

Тэрытарыяльная абарона

[правіць | правіць зыходнік]

У пачатку 2000-х, ва ўмовах скарачэння колькасці Узброеных Сіл і зніжэння ўзроўню ўзбраенняў, адным з найбольш эканамічных шляхоў кампенсацыі сіл і сродкаў, падтрымання абараназдольнасці дзяржавы на належным узроўні стала арганізацыя тэрытарыяльнай абароны[20]. Ваеннае камандаванне прыйшло да высновы, што пагроза для краіны можа адыходзіць не толькі ад замежнай дзяржавы, але і ад экстрэмісцкіх і тэрарыстычных груповак. Зыходзячы з войнаў у Афганістане і Чачні, дзе значна пашырыліся і павялічыліся маштабы шкоды ад дыверсійнай работы, паўстала неабходнасць стварэння тылавых ахоўных падраздзяленняў. Гістарычны вопыт, асабліва Вялікая Айчынная вайна, паказаў, што ў выпадку поўнамаштабнай вайны партызанскія аперацыі здольныя значна скаваць і аслабіць сілы працiўнiка[21]. Усе гэтыя фактары спрыялі стварэнню тэрытарыяльных войскаў.

У 2002 годзе на Барысаўскім ваенным палігоне ў ходзе аператыўна-тактычнага вучэння «Бярэзіна-2002» упершыню былі адпрацаваны практычныя дзеянні тэрытарыяльных войскаў.

Ваенна-прамысловы комплекс

[правіць | правіць зыходнік]

30 снежня 2003 года выходзіць указ Прэзідэнта № 599. На падставе дакумента кантралюючыя і каардынуючыя функцыі ў дзейнасці ўсіх арганізацый ВПК краіны перададзены Дзяржаўнаму ваенна-прамысловаму камітэту, што дазволіла павялічыць эфектыўнасць і выніковасць работы ў ваенна-тэхнічнай сферы, надаўшы ёй належную сістэмнасць, упарадкаванасць і планавы характар[22].

З гэтага моманту пачалася мадэрнізацыя раней распрацаваных узораў і даўно наяўных у распараджэнні Беларусі ўзбраенняў. У краіне наладжаны выпуск айчынных сродкаў і сістэм агнявога паражэння, ваеннай радыёэлектронікі, оптыкі, оптаэлектронікі, праграмных комплексаў для ваенных інфармацыйных сістэм і сістэм кіравання зброяй. Вырабы былі прадстаўлены на спецыялізаваных міжнародных выставах і салонах. Распрацоўкі беларускага ВПК зацікавілі замежных пакупнікоў, якія актыўна куплялі яго прадукцыю[23].

Раней абаронны сектар беларускай эканомікі быў раз’яднаны па прычыне ведамаснай прыналежнасці да розных галінах прамысловасці.

Адукацыйны комплекс

[правіць | правіць зыходнік]

У канцы 1990-х і пачатку 2000-х гадоў праведзены якасныя пераўтварэнні сістэмы ваеннай адукацыі. Завершана перабудова сістэмы падрыхтоўкі малодшых камандзіраў і ваенных спецыялістаў. Створана сістэма падрыхтоўкі спецыялістаў, падобную ваеннай навучальнай установе. На базе навучальных палкоў 72-га АВЦ створаны школы падрыхтоўкі малодшых спецыялістаў. Пры гэтым функцыі забяспечвання ляглі на цэнтры тылавога і тэхнічнага забеспячэння. У выніку павышана якасць падрыхтоўкі курсантаў, выключаны іх адрыў ад баявой падрыхтоўкі. На базе цэнтра створана таксама школа прапаршчыкаў. У перыяд з 2001 па 2005 год у ёй прайшлі навучанне больш за 2100 чалавек, у тым ліку звыш за сто жанчын[2].

У дзяржаўных ВНУ пачалося выкладанне ваенных дысцыплін. У 2004 годзе створаны ваенны факультэт у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце. Падрыхтоўка ў грамадзянскіх ВНУ у некалькі разоў танней, чым падрыхтоўка гэтых спецыялістаў у ваенных навучальных установах іншых дзяржаў, таму атрымалася некалькі зэканоміць. Адначасова, з улікам таго, што колькасць афіцэраў запасу значна перавышала патрэбы Узброеных сіл, а па шэрагу спецыяльнасцяў малодшых ваенных спецыялістаў адчуваўся пэўны дэфіцыт, з 2003 года вырашана перайсці да навучання на ваенных факультэтах і кафедрах студэнтаў па праграме малодшых спецыялістаў[2].

Галоўны корпус Ваеннай акадэміі.

Важны крок быў зроблены 17 мая 1995 года, калі ўказам прэзідэнта заснавана Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь -- галаўная ўстанова адукацыі ў сістэме падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі ваенных кадраў. ВНУ атрымаў сем факультэтаў — агульнавайсковы, сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання, факультэт ракетных войскаў і артылерыі і ракетна-артылерыйскага ўзбраення, супрацьпаветранай абароны, ваеннай разведкі, авіяцыйны, унутраных войскаў. Запушчана падрыхтоўка спецыялістаў па 19 спецыяльнасцях, 6 напрамках і 31 спецыялізацыі. Выкладчыцкі калектыў быў укамплектаваны каля 700 выкладчыкамі, сярод якіх 20 дактароў і 250 кандыдатаў навук, 25 прафесараў і 200 дацэнтаў[24][25].

Акадэмія створана на базе дзвюх устаноў — Мінскага вышэйшага ваеннага інжынернага і Мінскага вышэйшага ваеннага каманднага[25].

Ідэалагічная работа

[правіць | правіць зыходнік]

Ідэалагічная работа ва Узброеных сілах Рэспублікі Беларусь у першай палове 1990-х гадоў перажывала крызіс. Сітуацыю ратавалі толькі энтузіясты з ліку афіцэраў. У 1995—2003 гадах у напрамку ідэалагічнай работы былі праведзены розныя эксперыменты і даследаванні, якія пазней прывялі да з’яўлення эфектыўных і ўстойлівых мадэляў кіравання, умацаваўшы парадак у арміі. У ходзе рэформаў 2004—2005 гадоў і стварэння галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы выхаваўчая дзейнасць была канчаткова ўпарадкавана[26][27].

У першай палове 2000-х гадоў распрацавана новая прававая база для ідэалагічнай работы, зменены некаторыя яе аспекты. Калі раней выхаваўчая дзейнасць праводзілася выключна з вайскоўцамі, то зараз у яе ўключаны і грамадзянскія работнікі Узброеных сіл[28]. У 1994—2004 гадах палітычная работа праводзілася ў сістэме дзяржаўна-прававой падрыхтоўкі. У 2005 годзе замест заняткаў па дзяржаўна-прававой падрыхтоўцы ўведзены заняткі па ідэалагічнай падрыхтоўцы[29].

У аснову пакладзена афіцыйная дзяржаўная ідэалогія, так званая «ідэалогія беларускай дзяржавы» — юрыдычна аформленая сістэма ідэй, ідэалаў і каштоўнасцяў, якая адлюстроўвае мэты і асаблівасці беларускага шляху грамадскага развіцця. Базавыя прынцыпы і мэты развіцця беларускай дзяржавы замацаваны ў канстытуцыі. У падмурку знаходзяцца бяспека, тэрытарыяльная цэласнасць, незалежнасць, суверэнітэт і дабрабыт грамадзян[30]. Забеспячэнне гэтага непасрэдна звязана з функцыямі і задачамі Узброеных Сіл.

Барацьба са злачыннасцю

[правіць | правіць зыходнік]

У 2001—2009 гадах Леанід Мальцаў дасягнуў значных поспехаў у справе навядзення парадку ў войску. У прыватнасці, значна скарочаны выпадкі дзедаўшчыны, злачыннасці і самагубстваў у воінскіх часцях.

Беларусь мела самы нізкі ўзровень злачыннасці сярод армій свету. Каэфіцыент злачыннасці (колькасць правапарушэнняў на 1 тыс. вайскоўцаў) у 2005 г. складаў 3,4 %, у той час як у 1994 — 10,9 %. У 2008 г. індэкс злачыннай актыўнасці ў беларускіх Узброеных Сілах склаў 3,6. У сваю чаргу, у 1994 г. колькасць самагубстваў ва Узброеных сілах складала 42 выпадкі на 100 тыс. вайскоўцаў, у той час у 2008 г. яно скарацілася амаль у 4 разы, прычым усе яны звязаны выключна з балючымі станамі, а не з нестатутнымі ўзаемаадносінамі. Па даных Мінабароны, калі ў 2008 г. у цэлым па краіне пазбаўлялі сябе жыцця прыкладна 3 чалавекі з 10 тыс., то ў арміі гэты паказчык складаў каля 1 на 10 тыс. чалавек — у тры разы менш[6].

У другой палове 1990-х удалося вырашыць многія праблемы, звязаныя са стварэннем органаў ваеннага кіравання, падрыхтоўкі кадраў. Была рэфармавана большасць аб’яднанняў, злучэнняў, воінскіх часцей і ўстаноў, уведзены прынцып тэрытарыяльнага камплектавання войскаў вайскоўцамі тэрміновай службы, аптымізавана сістэма падрыхтоўкі войскаў[31].

Актыўнае развіццё атрымаў новы від ваеннай службы — ваенная служба па кантракце[32].

У 2005 годзе было завершана рэфармаванне, створаны ўсе сістэмы, неабходныя для функцыянавання арміі ў новых умовах. Былі дасягнуты станоўчыя вынікі па ўсіх асноўных напрамках пераўтварэнняў: ва ўдасканаленні сістэмы кіравання, умацаванні базы мабілізацыйнага разгортвання і аптымізацыі арганізацыйнай структуры, удасканаленні сістэмы камплектавання войскаў і падрыхтоўкі малодшых ваенных спецыялістаў, а таксама сістэмы ваеннай адукацыі. У наступным будаўніцтва і развіццё Узброеных Сіл ажыццяўляліся ў дынамічнай абстаноўцы. На аснове глыбокага аналізу ваенна-палітычнага становішча, вынікаў навуковых даследаванняў, а таксама абагульнення вопыту ваенных канфліктаў, вынікаў аператыўнай падрыхтоўкі, у тым ліку буйнамаштабных вучэнняў, былі распрацаваны планы будаўніцтва і развіцця армія на кожнае пяцігоддзе[33].

  1. а б «Армия Белорусского народа», 2018, стр. 141.
  2. а б в г Вооруженные Силы: реформирование завершено. Строительство и развитие продолжается // СБ. Беларусь сегодня, 18 октября 2005
  3. Численность вооруженных сил Беларуси достаточна с учетом союза с Россией
  4. а б в Национальная безопасность. Вооруженные Силы. Часть 2-я // СБ. Беларусь сегодня, 27 марта 2020
  5. а б Национальная безопасность. Вооруженные Силы. Часть 1. // СБ. Беларусь сегодня, 20 марта 2020
  6. а б в г д е Игорь Плугатарев. Главком Лукашенко и его армия // Электронное периодическое издание Оборона. Ру, 4 июня 2011
  7. «Армия Белорусского народа», 2018, стр. 140.
  8. а б в Валерий Ковалев. «Неман-2001» // Красная звезда, 18 августа 2001
  9. В Белоруссии начались военные учение «Неман-2001»
  10. Армия Белорусского народа, 2023, стр. 156.
  11. а б в «Армия Белорусского народа», 2023, стр. 157-158.
  12. История Западного оперативного командования Архівавана 3 студзеня 2022.
  13. История Северо-западного оперативного командования Архівавана 3 студзеня 2022.
  14. ИСТОРИЯ ВВС и силы ПВО Архівавана 9 снежня 2018.
  15. Richard Woff, 'Minsk: making limited progress with reform,' Jane’s Intelligence Review, June 1996, 248.
  16. а б в Краткая историческая справка Архівавана 25 снежня 2021.
  17. а б в г Мобильные Силы Республики Беларусь — серия знаков
  18. Коммандос Беларуси Архівавана 25 снежня 2021.
  19. Миротворческая рота Беларуси // СБ. Беларусь сегодня, 13 ноября 2013
  20. Законы Республики Беларусь о защите республики
  21. Территориальная оборона Беларуси: после восстановления независимости.(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 25 снежня 2021. Праверана 3 студзеня 2022.
  22. О создании Государственного военно-промышленного комитета Республики Беларусь: Указ Президента Респ. Беларусь от 30 дек. 2003 г. № 599 [Электронный ресурс] // КонсультантПлюс: Беларусь / ООО «ЮрСпектр», Нац. центр правовой информ. Респ. Беларусь. — Минск, 2019.
  23. Сильванович О. В. Международное военно-техническое сотрудничество Беларуси: современное состояние и перспективы Архівавана 25 снежня 2021. // Журнал международного права и международных отношений : журнал. — Международное общественное объединение по научно-исследовательским и информационно-образовательным программам «Развитие», 2019. — № 1-2.
  24. Сайт Белорусской государственной академии авиации
  25. а б «Армия Белорусского народа», 2023, стр. 142.
  26. Гура А. Н. Идеология национальной обороны // Беларуская думка : часопіс. — люты 2008. — С. 16—24.
  27. Гура А. Н. Нам есть что защищать: взгляд на современное состояние и перспективы развития идеологической работы в госорганах // Беларуская думка : часопіс. — 2012. — № 5. — С. 31—42.
  28. Хованский, В. М. Формирование и развитие системы идеологической работы в Вооруженных силах Республики Беларусь в период 2001—2006 гг. Архівавана 3 студзеня 2022. // Исторические и психолого-педагогические науки : сб. науч. статей. — Минск: РИВШ, 2016. — С. 290—297. — (Научные труды Республиканского института высшей школы; Вып. 16, ч. 1).
  29. Идеологическая подготовка в подразделении, воинской части: организация, методы и формы проведения занятий.
  30. Структура идеологии белорусского государства и ее основные компоненты.
  31. «Армия Белорусского народа», 2018, стр. 142.
  32. «Армия Белорусского народа», 2018, стр. 144.
  33. «Армия Белорусского народа», 2018, стр. 175.
  • Армия белорусского народа : к 100-летию вооруженных сил Республики Беларусь / [А. Н. Гура, Н. Е. Бузин, А. М. Данилов и др. – Минск : Беларусь, 2018 . – 262 с. : ил. – На рус., белорус. яз. - ISBN 978-985-07-1247-7 : б. ц.
  • Гура А.Н., Бузин Н.Е., Даниилов А.М. и др. (2023). Армия белорусского народа : к 105-летию вооруженных сил Республики Беларусь. Минск: «Беларусь». p. 347.{{cite book}}: Папярэджанні CS1: розныя назвы: authors list (спасылка)